ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,
саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.
т. 4, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)